БЭ́ЛЕЧНЫ МОСТ,
мост з пралётнымі збудаваннямі, асноўнымі нясучымі канструкцыямі якіх з’яўляюцца суцэльныя бэлькі або бэлечныя фермы. Адрозніваюць бэлечны мост з простымі бэлечнымі пралётнымі збудаваннямі, што апіраюцца на 2 апоры, і неразразныя, якія апіраюцца на 3 апоры і болей. Пралётныя збудаванні робяць са сталі, алюмінію, жалезабетону, дрэва. На бэлечным мосце з бэлькамі суцэльнага профілю пралётныя збудаванні робяць звычайна з яздой па версе, з бэлечнымі фермамі — пераважна па нізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)